ЛІЦЫ́НІЙ НАМЫСЛО́ЎСКІ Ян

(пач 1560-х г., Намыслаў, Польшча — паміж 1633—36),

мысліцель-гуманіст, пісьменнік, педагог ВКЛ. Вучыўся ў Ягелонскім ун-це ў Кракаве. З 1585 рэктар арыянскай школы ў Іўі. З 1593 прапаведнік абшчыны арыян у Навагрудку. Зблізіўся з С.Будным і Ф.Соцынам, прапагандаваў сацыніянства сярод бел.-літ. антытрынітарыяў. У 1615 за атэіст. погляды адлучаны Навагрудскім сінодам ад сацыніянскай абшчыны. Аўтар вершаванага маральна-павучальнага твора «Сентэнцыі, неабходныя ў грамадскім жыцці» (Лоск, 1589; 225 сентэнцый і перасцярог, вытрыманых у духу Адраджэння). У 1592 выдаў на польск. мове «Анатомію і гарманічнасць хрысціянскага жыцця чалавека» (не збераглася, у 1636 перакладзена на ням. мову). Выказваў рацыяналістычныя рэліг.-філас. погляды («Зварот да братоў-евангелікаў», 1597), выступаў супраць кальвінісцкай шляхты (палемічны твор «Каталісіс», 1598). З лац. на польск. мову пераклаў трактат А.Бусбеквіса аб тур. палітыцы (Вільня, 1598). Мяркуюць, што Л.Н. — аўтар «Дапаможніка для авалодання вучэннем Арыстоцеля» (Лоск, 1586; на лац. мове пад псеўд. Gracianus Prosper). На бел. мову яго перакладаў Я.Парэцкі.

Літ.:

Нарысы гісторыі народнай асветы і педагагічнай думкі ў Беларусі. Мн., 1968;

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.

А.Ф.Коршунаў.

т. 9, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)